Аўтараў фільма "Хобіт: Нечаканае падарожжа" звінавацілі ў смерці жывёлаў

Здымкі фільма адбываліся ў Новай Зеландыі. Супрацоўнікі фермы, на якой утрымоўваліся чацвераногія акцёры, кажуць, што поле было ў канавах і выбоінах і не пасавала для трэніроўкі коней. Не менш як тры кані атрымалі сур'ёзныя траўмы, спатыкнуўшыся на скаку. Ветэрынарам нават давялося ўсыпіць жывёлаў. Загінулі таксама 6 козаў, 6 авечак і некалькі курыц: жывёлы валіліся ў неагароджаныя выграбныя ямы, пакутавалі ад паразітаў і няправільнага харчавання.

У той жа час арганізацыя па правах жывёл American Humane Association заяўляе, што непасрэдна падчас здымак фільма ніводная жывёла не загінула і не пацярпела. Рэжысёр фільма пацвярджае гібель двух коней на ферме, чаго можна было пазбегнуць. Па яго словах, умовы ўтрымання жывёлаў былі палепшаны адразу пасля інцыдэнту, а смерць астатніх жывёл-акцёраў адбылася праз натуральныя прычыны, адзначае сайт podrobnosti.ua.

Нагадаем, што здымкі фільма "Хобіт: Нечаканае падарожжа" па кнізе Толкіна скончыліся ўлетку 2012 года. Прэм'ера стужкі прызначаная на 28 лістапада.

Фота — re-actor.net