Азаранка і Серэна Уільямс узначаляць каманды ў матчы Кубка Федэрацыі
Сёстры Вінус і Серэна Уільямс выступяць у складзе зборнай ЗША супраць тэнісістак Беларусі ў матчы першага раўнда II Сусветнай групы Кубка Федэрацыі.
Нашу каманду ўзначаліць Вікторыя Азаранка, амерыканскую — Серэна Уільямс, паведамляе БЕЛТА.
Матч пройдзе 4-5 лютага ў амерыканскім Уорчастэры. Супраць амерыканак таксама згуляюць Настасся Якімава, Вольга Гаварцова і Дар'я Кустова. У камандзе ЗША сясцёр Уільямс дапоўняць Крысціна Макхейл і Лізэль Хубер.
Каманда ЗША цяпер займае 4-е месца ў сусветным камандным рэйтынгу. Беларускі знаходзяцца на 14-й пазіцыі. Да гэтага каманды Беларусі і ЗША яшчэ не сустракаліся паміж сабой у матчах Кубка Федэрацыі.