Ажубаліс заклікаў Беларусь да канструктыўнага супрацоўніцтва з АБСЕ
Старшыня АБСЕ і кіраўнік МЗС Літвы Аўдронюс Ажубаліс пагутарыў па тэлефоне з беларускім калегам Сяргеем Мартынавым.
Ажубаліс заклікаў улады Беларусі вызваліць палітвязняў і даў станоўчую ацэнку дзейнасці назіральнікаў Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека, што прыехалі на суды над фігурантамі справы "19 снежня".
Падчас гутаркі Ажубаліс запрасіў Беларусь шукаць канструктыўныя формы супрацоўніцтва з АБСЕ пасля закрыцця офіса арганізацыі ў Мінску.
Як міністр замежных справаў Літвы, Ажубаліс нагадаў беларускаму калегу, што Літва яшчэ не атрымала адказу Беларусі на ноту адносна ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе будучай беларускай атамнай электрастанцыі. Мартынаў запэўніў, што адказ будзе прадстаўлены бліжэйшым часам, перадае DELFI.