Банкі не змаглі замарозіць актывы Кадафі з-за трансліту

Буйныя міжнародныя  банкі, якія па просьбе ўрадаў павінны замарозіць рахункі былых і дзейсных палітыкаў з Туніса, Егіпту і Лівіі, не могуць гэтага  зрабіць з-за варыятыўнасці напісання арабскіх імёнаў у трансліце, паведамілі амерыканскія СМІ.

У адным толькі міністэрстве фінансаў ЗША выкарыстоўваюць 12 варыянтаў  напісання імя лівійскага лідара Муамара Кадафі. Аднак, па меркаванні лінгвістаў, існуе каля сотні спосабаў трансліту яго імя. Таму банкі асцерагаюцца, што выпадкова могуць замарозіць актывы не таго Кадафі, піша The Wall Street Journal.

Адзначаецца, што арабская мова не мае адзінай сістэмы транслітарацыі. Варыянт вымаўлення і напісанні імя вар'іруецца ў залежнасці ад рэгіёна, дзе пражывае яго носьбіт. Таксама ў пісьмовай арабскай мове ўтрымоўваецца некалькі галосных, якія адкрываюць вялікі дыяпазон для перакладаў у лацінку, паведамляе Народная Воля.

Па дадзеных газеты, калі арабы заводзяць рахункі ў заходніх банках, ім прапануецца самім абраць варыянт напісання свайго імя.