БАЖ прапануе пісаць звароты з просьбай адклікаць зыск пра закрыццё газет

"Калі справа дойдзе да суда, прадухіліць закрыццё газет будзе ўжо бадай немагчыма", -такую думку выказаў намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец на нарадзе кіраўнікоў арганізацыі ў звязку з сітуацыяй вакол "Народнай волі" і "Нашай Нівы". "Сканцэнтраваць высілкі на гэты момант варта менавіта на адкліканні зыску Мінінфарма", — перакананы юрыст БАЖ, паведамляе прэс-служба арганізацыі.

З гэтай нагоды Беларуская асацыяцыя журналістаў склала прыкладны ўзор звароту ў Мінінфармацыі:

 
Міністру інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Праляскоўскаму Алегу Вітольдавічу
220004, г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11.

Прозвішча, імя, імя па бацьку, дадзеныя пра месца жыхарства і (альбо) працы (вучобы)

Зварот

З паведамленняў СМІ я, (прозвішча, імя, імя па бацьку), даведаўся, што Міністэрства інфармацыі звярнулася ў суд з зыскам пра закрыццё газет «Народная воля» і «Наша Ніва».
Я з’яўляюся даўнім чытачом указаных выданняў. Спроба закрыць гэтыя СМІ груба парушае мае канстытуцыйныя правы — у прыватнасці, права на атрыманне, захаванне і распаўсюд поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі (арт. 34 Канстытуцыі РБ). Лічу, што такія дзеянні Міністэрства інфармацыі замахваюцца і на гарантаваныя Канстытуцыяй РБ свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне.

Прашу адклікаць зыск пра спыненне выпуску газет «Народная воля» і «Наша Ніва».
Адказ на ўказаны зварот прашу даць у парадку і ў тэрміны, прадугледжаныя законам «Аб зваротах грамадзян».

Дата, подпіс

Фота: liveinternet.ru