Беларусь фігуруе ў дакладзе Камітэта абароны журналістаў "Напады на прэсу"

Камітэт, у прыватнасці, піша аб рэпрэсіях уладаў пасля прэзідэнцкіх выбараў — арыштах журналістаў, вобысках у іх дамах і ў рэдакцыях. "Падчас масавых рэпрэсій у паслявыбарны перыяд улады правялі рэйды па рэдакцыях СМІ і затрымалі не менш за 20 журналістаў, што асвятлялі пратэсты супраць парушэнняў на прэзідэнцкіх выбарах 19 снежня, у выніку якіх Аляксандр Лукашэнка застаўся ва ўладзе яшчэ на адзін тэрмін", — гаворыцца ў дакладзе, паведамляе БелаПАН.

Такім чынам, зазначаюць яго аўтары, "урад спрабуе прадухіліць асвятленне акцый пратэсту супраць выбараў".

На думку Камітэта, "рэжым узяў на прыцэл" Беларускую асацыяцыю журналістаў. Вялікая ўвага ў дакуменце нададзена гібелі стваральніка і кіраўніка сайта "Хартыя'97" Алега Бябеніна.

Зазначаецца таксама, што "тэлефоны вядучых журналістаў Беларусі праслухоўваюцца, электронная пошта перлюструецца, а за іх дзейнасцю сочаць супрацоўнікі службаў бяспекі".

Апрача таго, аўтары даклада звяртаюць увагу на новы закон аб выкарыстанні інтэрнэту, які "патрабуе рэгістрацыі сайтаў і адсочвання дзеянняў карыстальнікаў".