Беларус, які ваяваў у Чачні, можа паляцець у космас восенню 2012-га
40-гадовы Алег Навіцкі разам з расіянінам Яўгенам Тарэлкіным паспяхова прайшоў трэніроўку ў Цэнтры кіравання касманаўтаў.
Як паведамляе БелаПАН, яны і астранаўт НАСА Кевін Форд уваходзяць у экіпаж Міжнароднай касмічнай станцыі і ў траўні 2012 года будуць дубляваць асноўны экіпаж. Палёт жа Навіцкага ў космас запланаваны на восень 2012 года.
Вядома, што Алег Навіцкі нарадзіўся ў Чэрвені ў Мінскай вобласці. Ён вучыўся ў Расіі, у 2006 годзе скончыў Ваенна-паветраную акадэмію імя Гагарына. Да ўключэння ў атрад касманаўтаў Навіцкі каля 9 гадоў служыў у расійскіх ваенна-паветраных сілах, ваяваў у Чачні.
Дагэтуль у космасе былі беларусы Пётр Клімук і Ўладзімір Кавалёнак. Ад апошняга палёту Кавалёнка прайшлі ўжо 30 гадоў.
Фота — astronaut.ru