Беларуская Праваслаўная царква выказалася наконт смяротнага пакарання

У ім адзначаецца, што на адрас Епархіяльнага ўпраўлення прыходзяць лісты з пытаннямі наконт смяротнага пакарання і хрысціянскага стаўлення да яго. Нагадаем, што з такім зваротам, у прыватнасці, звярнуўся аргкамітэт па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя з нагоды прысуду Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву. З бласлаўлення Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта прэс-служба дае афіцыйнае тлумачэнне.

Яна згадвае, што на Архірэйскім Саборы ў 2000 годзе былі прыняты Асновы сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы. У іх заяўляецца пра схільнасць да адмовы ад смяротнага пакарання. Такі падыход выключае здзяйсненне непапраўнай памылкі правасуддзя.

Разам з тым, адзначае прэс-служба, царква не павінна катэгарычна патрабаваць адмены смяротнага пакарання — тым больш у грамадстве, якое ў сваёй большасці так рашуча на ім настойвае. Але Царква імкнецца ўплываць на фармаванне ў грамадстве пачуцця сацыяльнай справядлівасці і судовай адплаты без ідэі забойства.