Беларускія і польскія музыкі агучылі нямое кіно

Музычны партал Tuzin.fm стварыў новы праект “Тузін.Немаўля”. Яго сутнасць заключаецца ў тым, што беларускія музыкі становяцца тапёрамі і агучваюць нямыя фільмы, знятыя ў Беларусі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя. Па словах кіраўніка праекту Сяргея Будкіна, слова “немаўля” трапна перадае ідэю задуманага. У ім “абыгрываецца і малы век тагачаснага беларускага кінематографа і тая асаблівасць, што стужкі былі па першым часе нямыя, а апошнія дзве літары да ўсяго намякаюць на музычны складнік праекту”. Прэм’ера адбылася ў Падляшскай оперы ў Беластоку ў кастрычніку. Цяпер “Тузін. Немаўля” будзе прадэманстраваны мінчукам.

22 лістапада ў сталічнай кавярні “Лофт” адбудуцца адразу два кінаканцэрты. Сваё музычнае бачанне фільма “Кастусь Каліноўскі” прадставіць Сяргей Пукст, гурт Рэ1ікт у сваю чаргу агучыць гістарычную эпапею “У агні народжаная”. 25 лістапада гледачы змогуць убачыць фільм “Прастытутка” з саўндтрэкам ад польскіх музыкаў Ilo &Friends. Апроч таго, у гэты дзень каманда, якая ўпершыню выступае ў Беларусі, прэзентуе свой апошні альбом “Сланечнікі”. Дарэчы, 24 лістапада Ілона Карпюк з сябрамі дае эксклюзіўны канцэрт у клубе “Графіці” з нагоды адкрыцця выставы плакатаў беларускага нямога кіно. Больш падрабязную інфармацыю пра канцэрты праекту “Тузін. Немаўля” глядзіце на сайце парталу.