Беларускія плыўцы атрымалі новую тумбачку для стартаў (Фота)
Пакуль толькі адну, але радуюцца і гэтаму.
Еўрарадыё даведалася, што ў басейне, дзе трэніруецца Аляксандра Герасіменя, з’явілася новая тумбачка для стартаў.
Карэспандэнт Еўрарадыё набыў квіток ў басейн за 8900 рублёў, каб зрабіць “чэмпіёнскі” старт. Але скакаць у ваду з тумбачкі інструктары не дазволілі — толькі з борціка. Аднак пасля просьбы сфатаграфавацца ў стартавай пазіцыі быў атрыманы дазвол і на сам старт.
Еўрарадыё паспяхова апрабавала новую тумбачку за 600 еўра. Чэмпіёнка свету Аляксандра Герасіменя таксама задаволеная, хоць яшчэ не трэніравалася.
Аляксандра Герасіменя: “Нарэшце яна з’явілася і ў нас у Мінску. Вядома, абрадавалася. Хай сабе і адна, але нам больш і не трэба для трэніровак. Калі прыйду на першую трэніроўку, адразу ж і апрабую”.

Раней плыўцы адаптаваліся да стартаў непасрэдна на месцы спаборніцтваў і прасілі набыць хаця б адну тумбачку, якая будзе адпавядаць міжнародным стандартам. Адну і набылі! І ўсталявалі на 8-й дарожцы ў Гарадскім цэнтры алімпійскага рэзерву па водных відах спорта ва Уруччы. Спартоўцы рады і таму.
Аляксандра Герасіменя: “Мы не ўсю трэніроўку скачам з гэтых тумбачак. Для трэніроўкі старту хапае 15 хвілін — дастаткова, каб кожны змог адпрацаваць. Старты са звычайнай і новай тумбачкі можна параўнаць са стартамі ў лёгкай атлетыцы з калодак і падлогі”.
Апошнім часам Герасіменя знаходзілася ў адпачынку, а ўжо сёння сустракаецца са сваім трэнерам і хутка адновіць трэніроўкі.
Раней Аляксандра казала, што ёй патрабуецца 7-8 тысяч еўра на вырашэнне праблемаў са спінай. Федэрацыя плавання не спяшаецца аплаціць лячэнне Герасімені. У самой спартоўкі такіх грошай няма, але яна спадзяецца, што ёй нарэшце дапамогуць.
Аляксандра Герасіменя: “У нас ёсць масажыст, але ён не можа выправіць, толькі аблегчыць. Наконт выдзялення грошай мне на лячэнне ўсе маўчаць, але, можа, яшчэ выдзяляць. Я не губляю надзеі”.
Фота: euroradio, newsvm.com