Беларускія спартоўцы заваявалі 19 алімпійскіх ліцэнзій на Гульні-2012
Допуск да Гульняў атрымалі прадстаўнікі чатырох відаў спорту — кулявой стральбы, лёгкай атлетыкі, настольнага тэніса і плавання.
Сярод лёгкаатлетаў, паведамляе БЕЛТА, нарматыў А выканалі 8 спартоўцаў: Андрэй Міхневіч, Павел Лыжын (абодва — штурханне ядра), Павел Крывіцкі, Алена Матошка (абое — кіданне молата), Марыя Арзамасава, Святлана Вусовіч, Ілона Вусовіч (усе — бег на 800 м), Вераніка Шуткова (скачкі ў даўжыню).
Раней кваліфікацыйныя нарматывы выканалі яшчэ чатыры прадстаўнікі лёгкай атлетыкі: Сцяпан Рогаўцаў, Настасся Старавойтаава, Марына Даманцэвіч, Вольга Салевіч (усе — марафон).
Акрамя таго, дзве імянныя алімпійскія ліцэнзіі заваяваныя ў настольным тэнісе — Уладзімірам Самсонавым і Вікторыяй Паўловіч.
У кулявой стральбе тры ліцэнзіі заваявалі Сяргей Мартынаў (малакаліберная вінтоўка, стральба лежачы), Вікторыя Чайка (пнеўматычны пісталет), Канстанцін Лукашык (пнеўматычны пісталет).
Яшчэ дзве спартоўкі выканалі кваліфікацыйны нарматыў А ў плаванні — Аляксандра Герасіменя і Святлана Хохлова (50 м вольным стылем).
Да ХХХ летніх Алімпійскіх гульняў, якія пройдуць летам 2012 года ў Лондане, рыхтуюцца 275 беларускіх атлетаў.