Беларускія “Зялёныя”: няхай нашы футбалісты гуляюць толькі за ідэю
Чэмпіянат Беларусі па футболе трэба зрабіць аматарскім — з такой прапановай партыя “Зялёных” звярнулася да Федэрацыі футбола Беларусі.
У звароце пад назвай “Такі футбол нам не трэба!” адзначаецца: 23-ці чэмпіянат краіны па футболе “пройдзе ў няпростых умовах”. Маўляў, многія клубы з-за эканамічнага крызісу знаходзяцца на мяжы выжывання. У вышэйшыя дывізіёны пускаюць толькі тых, хто здольны выканаць шэраг умоваў і заплаціць унёсак. Такая схема не можа папулярызаваць футбол, лічаць “Зялёныя”.
Таму экалагічная партыя прапануе прафесійным футбалістам змагацца за вынік, а не за ганарар і гуляць “без адрыву ад вытворчасці”. Гэта “дасць айчыннаму спорту імпульс у асобе мноства арыентаваных толькі на перамогу маладых талентаў”, — цытуе зварот “Зялёных” БелаПАН.