Беларусы хочуць ратаваць еўрапейскіх дзяцей ад “бясполага амерыканізму”
А найперш беларускіх. Інструментам ратавання паслужыць серыя “Казкі на англійскай мове”.
Пра гэта ў Брэсцкай абласной бібліятэцы распавяла дырэктарка дзяржаўнага выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя” Таццяна Бялова. Яна правяла прэзентацыю кніг гэтага выдавецтва.
Бялова: "У Еўропе надта азадачаныя гэтай плынню масавай культуры са Злучаных Штатаў. У іх няма дзялення на полы. Незразумела, дзе хлопчык, дзе дзяўчынка, хто дзядзя, а хто цёця. Гэтая “аплікацыя” працуе як 25-ы кадр. І назаўтра ўсе “прасунутыя” масава крочаць у пэўныя арыентацыі. Павінны быць нашы, беларускія кніжкі, – толькі на англійскай мове. Павінна быць самадастатковасць наогул ва ўсім".
Са словаў дырэктаркі, кнігі ўжо паказвалі за мяжой. У Індыі іх ацанілі з-за самабытнай міфалогіі.
На англійскую мову ўжо пераклалі чатыры зборнікі беларускіх, рускіх і ўкраінскіх казак: “Саламяны бычок” (“A Straw Bull”), “Самы разумны” (The Smartest Person”), “Церамок казак” (“A Wooden House of Fairy Tales”), “Казкі пад Каляды” (“Christmas Eve Fairy Tales”).
