"Белнафтахім": Павышэнне цэн на паліва абумоўлена падаражэннем сыравіны
І дысбалансам цэн з суседнімі краінамі. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджаным 8 красавіка прэс-рэлізе канцэрна "Белнафтахім".
Адзначаецца, што асноўным складнікам у структуры затрат на вытворчасць нафтапрадуктаў (больш за 85%) з'яўляецца кошт нафтавай сыравіны. Цана на расійскую нафту, якая паступае ў Беларусь, вырасла да сярэдзіны сакавіка на 55,8% у параўнанні з сакавіком 2010 года, у тым ліку за 17 дзён сакавіка 2011 года — больш чым на 36% у параўнанні са снежнем 2010 года, што прывяло да росту кошту сыравіннага кампанента ў цане нафтапрадуктаў, паведамляе БелаПАН.
Важным фактарам цэнаўтварэння гэтых відаў тавараў у "Белнафтахіме" называюць падатковую нагрузку ў выглядзе акцызаў, стаўкі якіх устанаўліваюцца заканадаўствам.
Акрамя таго, за мінулы год значна павысіліся тарыфы на электраэнергію і газ, неабходныя ў тэхналагічным працэсе вытворчасці маторнага паліва, чыгуначныя тарыфы на перавозку нафтапрадуктаў.
Узровень рознічных цэн на нафтапрадукты ў Беларусі супастаўляцца канцэрнам з узроўнем цэн на аналагічныя тавары ў сумежных краінах. "Зараз ва ўмовах імклівага росту кошту вуглевадароднай сыравіны на сусветных рынках адзначаецца хуткае павышэнне цэн на нафтапрадукты ў пагранічных з Беларуссю дзяржавах. Дысбаланс цэн садзейнічае пастаяннаму росту вывазу нафтапрадуктаў у суседнія дзяржавы", — адзначаецца ў прэс-рэлізе.
"Канцэрн "Белнафтахім" вымушаны прымаць меры для выраўноўвання дысбалансу цэн і павышэння эфектыўнасці дзейнасці НПЗ пры рэалізацыі нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку. У адпаведнасці з сітуацыяй прымаецца рашэнне аб змене цэн на нафтапрадукты", — падкрэсліваецца ў канцэрне.