Беражкоў: Спадзяемся, што ў "Прессбол" інвестуюць нашыя чытачы
Найбуйнейшая спартовая газеты краіны — "Прессбол" заявіла, што шукае інвестараў.
Галоўны рэдактар выдання Уладзімір Беражкоў кажа, што зварот рэдакцыі выкліканы пераменамі на рынку прэсы. Наклады папяровых выданняў падаюць, чытачы сыходзяць у інтэрнэт, дзе прывыклі атрымліваць амаль усё бясплатна. Між тым, рэкламадаўцы не спяшаюцца даваць грошы на інтэрнэт-рэкламу.
Як паведаміў Беражкоў у каментары Еўрарадыё, пошукі інвестараў для выдання пачаліся не цяпер:
Беражкоў: "Мы спрабавалі, вялі перамовы і з бізнэсам, і з клубам... Але дзесьці мы ў чымсьці не сышліся, на нейкіх умовах усё спынілася. А недзе ўсё спынілася на ўзроўні пратаколу. Я думаю, што трэба пашырыць пошук".
Па словах галоўнага рэдактара, "Прессбол" не можа гарантаваць інвестару, што праз год у выданне пойдуць шалёныя прыбыткі. Таму ў першую чаргу разлічвае на тых, хто ведае брэнд "Прессбола" і хоча захаваць выданне з сумленнай аўтарскай спартовай журналістыкай.
Беражкоў: "У першую чаргу мы шукаем нашых прыхільнікаў, нашых чытачоў. Гэта значыць, людзей, якія нас ведаюць, якім вядомая рэпутацыя нашай газеты, імёны, якія ў ёй працуюць. А мы можам прапанаваць узамен сумленныя прафесійныя адносіны і самааддачу".