БХД просіць кіраўнікоў царквы і касцёла заступіцца за Канавалава і Кавалёва
Адпаведны зварот аргкамітэт Беларускай хрысціянскай дэмакратыі адрасаваў Мітрапаліту Філарэту і Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу.
Аўтары звароту выказваюць заклапочанасць лёсам абвінавачаных, недавер беларускаму правасуддзю і просьбу да іерархаў зрабіць усё магчымае, каб Канавалава і Кавалёва не пакаралі смерцю.
У каментары Еўрарадыё сустаршына БХД Віталь Рымашэўскі патлумачыў, што хрысціянскія дэмакраты ўвогуле выступаюць супраць ужывання смяротнай кары. У выпадку ж з Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым ёсць сумневы ў належным правядзенні следства.
Палітык упэўнены, што іерархі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў у Беларусі падтрымліваюць зварот:
Рымашэўскі: "Я ўпэўнены, што яны падтрымліваюць. Пытанне толькі ў тым, ці вырашацца яны выказаць гэта публічна. А гэта ўжо залежыць ад іх. Бо трэба разумець, што сёння яны нясуць адказнасць за вялікія цэрквы. І калі ўлада негатыўна рэагуе на нейкае выказванне іерарха, то наступствы могуць быць у першую чаргу не для яго персанальна, а для ўсіх людзей, усё царквы, за якую ён фактычна нясе адказнасць".