Блогер Ліпковіч паскардзіўся на дзяржаўную газету ў міліцыю
Ён лічыць, што публікацыя пад тытулам “Ползучая контрреволюция” прыніжае яго гонар.
Артыкул быў надрукаваны ў газеце “Во славу Родины” 25 сакавіка. У ім аўтар разважае на тэму прыхільнасці беларускай апазіцыі ліберальным ідэям і прыходзіць да высновы, што яна ад іх далёкая. У якасці аднаго з прыкладаў прыведзены выпадак са спальваннем кніг Мікалая Чаргінца. Прычым ініцыятар спальвання быў паказаны ў вельмі непрыемным святле.
Як вядома, акцыі са спальваннем кніг Чаргінца ладзіць Яўген Ліпковіч. Першапачаткова ён патрабаваў абвяржэння публікацыі, аднак так і не дачакаўся. Цяпер справа дайшла да суда. Блогер просіць распачаць адміністратыўны працэс у дачыненні да газеты “Во славу Родины”, і накіраваць справу ў суд.
Адначасова з заявай у міліцыю, Яўген Ліпковіч напісаў зварот у Генпракуратуру, а яго копію накіраваў міністру інфармацыі Алегу Праляскоўскаму.