Больш за 2000 брэстчан падтрымалі ідэю бясплатнага праезду для студэнтаў
Сабраныя подпісы актывісты "Дзедзіча" і "Моладзі БНФ" перадалі сёння ў Брэсцкі гарвыканкам.
Кампанія па збору подпісаў пад заявай у гарвыканкам распачалася напрыканцы верасня. У сваім звароце моладзь нагадвае кiраўнiцтву горадa пра ўказ кіраўніка Беларусі, пасля якога сталічныя студэнты атрымалi магчымасць бясплатнага праезду ў грамадскiм транспарце.
Са словаў каардынатара кампаніі Сяржука Кавалько, цяжкасцей сабраць менш чым за месяц запланаваную колькасць подпісаў - 2 тысячы – не ўзнікла. Хоць мэтавай групай кампаніі і былі непасрэдна студэнты, а акцыі праходзілі пераважна побач з універсітэтамі Брэста, салідарнасць з навучэнцамі ахвотна выказвалі і людзі сталага веку.