Брэсцкі гарвыканкам вылучыць сцены для мясцовага "Бэнксі" (фота)

Пра гэта Еўрарадыё распавёў сам вулічны мастак Максім Самасевіч. Яго працы — жывёлы з нацыянальнымі арнаментамі — ужо некалькі месяцаў упрыгожваюць вялікія камяні і сцены нежылых дамоў Брэста. Аўтар пазначае свае працы мянушкай "Продак". Яго вялікія малюнкі пакуль можна пабачыць толькі па-за межамі гораду. Студэнт-дызайнер вырашыў  пашырыць сваю аўдыторыю і звярнуўся да гарадскіх уладаў.

Максім Самасевіч: "Для гарвыканкаму я зрабіў адмысловую канцэпцыю — народная тэматыка, вобразы архетыпаў. Гэта тое, што ўспрыме кожны чалавек — ад старога да пяцігадовага дзіцяці. Я думаю, гэта вельмі карысна, бо ў сучасным грамадстве з рэкламай і масавымі стэрэатыпамі мыслення народныя вобразы спрыяюць пазітыўнаму ўспрыняццю свету".

У гарвыканкаме ўхвалілі прапановы вулічнага мастака. Аднак пабачыць "легалізаваныя" працы "Продка" можна будзе толькі ўвесну наступнага году. Сёлета гарадскі бюджэт ужо канчаткова размеркаваны.

Фота з асабістага архіву Максіма Самасевіча