Брэст прыме ўдзел у міжнароднай кліматычнай акцыі "Гадзіна Зямлі"
У апошні дзень сакавіка горад часткова пацямнее на 60 хвілін.
Мерапрыемства пройдзе ў Брэсце 31 сакавіка з 20.30 да 21.30, паведамляе "Брестская газета". У гэты час на пляцоўцы каля пацямнелага ЦУМа з захапляльным вогненным шоу выступіць эксперыментальны тэатр Etere.
Акцыя “Гадзіна Зямлі” арганізуецца Сусветным фондам дзікай прыроды (WWF) па ўсім свеце. Кожны год у апошнюю суботу сакавіка каля 2 мільярдаў чалавек выключаюць святло на 1 гадзіну, каб выказаць сваю занепакоенасць небяспечнымі наступствамі змянення клімату. Напрыклад, адключаецца падсвятленне такіх архітэктурных збудаванняў, як Эйфелева вежа, Таўэрскi мост, Букенгемскі палац, мост Залатая брама і г.д.
Беларусь далучылася да акцыі чатыры гады таму. Брэстаўчане плануюць удзельнічаць у трэці раз.