Брэстаўчане абвесцілі бестэрміновае пікетаванне будоўлі-"самазахопу" (фота)

Будаўнічы плот з'явіўся некалькі дзён таму на паркоўцы і зялёнай пляцоўцы бліз дамоў 77 і 79. Так мясцовых жыхароў паставілі перад фактам — будуецца новы аб'ект. Ужо ад будаўнікоў, якія паспелі часткова завезці будаўнічыя матэрыялы і выкапаць дрэўцы, стала вядома пра новую двухпавярховую аптэку.

"Мы доўга змагаліся за добраўпарадкаванне гэтага раёну — гэта былі гады. Вылучылі сродкі: ёсць дарожкі, аўтастаянка. Людзі двойчы высаджвалі дрэвы, — распавядае пенсіянер Мікалай. — На такім шматочку яшчэ штосьці будаваць — бессэнсоўнасць. Бо зрабіць яшчэ што-небудзь — зменшыцца аўтастаянка, якіх тут зусім недастаткова. Зялёныя насаджэнні — тыя ўжо выкарчаваныя (паказвае ямкі ад выкапаных дрэваў — Еўрарадыё)", — расказваюць мясцовыя жыхары.

А вось вострай неабходнасці ў новай аптэцы няма.

"Тэлефанавалі Ляшчуку Алегу Васільевічу (галоўны архітэктар Брэста — Еўрарадыё). Мы прывялі прыклад, што ўжо ёсць 3 аптэкі ў радыусе 200 метраў, на што ён адказаў: "хоць 23!", —- дзеліцца сваімі ўражаннямі яшчэ адна мясцовая жыхарка. — Навошта псаваць гэтую прыгажосць? Аптэка тут нікому не патрэбная. Але калі і патрэбна камусьці — калі ласка: прайдзіцеся на 100 метраў далей, дзе ёсць пустэчы. Ён жа адказаў, што атрымлівае вельмі малы заробак і не збіраецца шукаць пустэчы па гораду. Гэта яго словы!".

Пад заявай у Брэсцкі гарвыканкам 24 чэрвеня падпісаліся жыхары 4 дамоў па вуліцы Суворава. Падобную скаргу перад гэтым паспелі ўжо адаслаць нават у адміністрацыю прэзідэнта.

Пашпарт аб'екту з'явіўся толькі ўчора пасля таго, як пікетоўцы прагналі працоўных. Так стаў вядомы заказчык — сетка аптэк "Формула жыцця". Наведаў будоўлю ў гэты дзень і старшыня гарадскога дзяржнагляду. Але ж патрабаванні прадставіць будаўнічыя нормы ён праігнараваў.

 Са словаў пікетоўцаў, якія трымаюць штодзённую вахту ля аб'екту, пачатак будоўлі немагчымы без іх узгаднення. Тэрыторыя, якую прыгледзела для сябе "Формула жыцця", належыць дамам 77 і 78 па вуліцы Суворава. Любыя працы тут  мусяць праходзіць з дазволу мясцовых жыхароў.  Сёння з гэтай нагоды і на прадпрыемства, і на будаўнічую арганізацыю будзе перададзена скарга ў пракуратуру.