Брастаўчане ладзяць "электрычка-тур" на "Ляпісаў" і "Крамбамбулю"
Трапіць на львоўскі рок-фэст "ЗАХІД" яны плануюць усяго за 50$.
"У гэты кошт уваходзіць сам квіток на фестываль (прыкладна, 22-23$), а праезд у адзін бок — 15$. Гэта ўлічваючы нават з "паесці", бо электрычкі ва Украіне ў параўнанні з беларускімі сапраўды каштуюць дробязь", — кажа адзін з арганізатараў паездкі Раман.
У такім бюджэтным падарожжы пажадалі ўдзельнічаць ужо каля паўсотні чалавек. Выезд з брэсцкага чыгуначнага вакзала запланаваны на 16 жніўня. Далучыцца да "электрычка-туру" яшчэ можна ў адмысловай суполцы ВКонтакте.
Фестываль "ЗАХІД" ладзіцца з 2009 года на Львоўшчыне. Як і летась, "ЗАХІД 2012" пройдзе ў былым дзіцячым лагеры "Сонечная Паляна" недалёка ад Львова. Ад 17 па 19 жніўня тут выступіць больш за 50 гуртоў, у тым ліку, і забароненыя ў Беларусі "Ляпис Трубецкой" і "Крамбамбуля". Хэдлайнерамі апошняга дня стануць Zdob Si Zdub і "Бумбокс".