Брэстаўчанін не змог уратаваць гісторыка-культурную каштоўнасць
Лёс будынка, маючага такі статус, занепакоіў брэсцкага каардынатара руху "За Свабоду!" Дзяніса Турчаняка.
Пабудова знаходзіцца ў паўразбураным стане і яе дах цячэ. Актывіст вырашыў знайсці яго ўласніка, каб высветліць прычыну такога стаўлення да гісторыка-культурнай каштоўнасці. Па адпаведную інфармацыю ён звярнуўся ў Брэсцкі гарвыканкам. Але на яго запыт кіраўніцтва гораду адказала адмовай.
Са словаў дэмакратычнага актывіста, такім чынам намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама Вячаслаў Хафізаў перашкодзіў яму рэалізаваць абавязкі перад краінай "ахоўваць гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці", прадугледжаныя Канстытуцыяй. Рашэнне гарвыканкаму Дзяніс Турчаняк абскардзіў у вышэйшай інстанцыі.
Дзяніс Турчаняк: "Лічу, што адмовай даць мне інфармацыю аб дзейнасці дзяржаўных органаў і іх рашэннях Хафізаў парушае 34 артыкул Канстытуцыі, які дае мне права атрымаць гэтую інфармацыю. У скарзе я прашу прызнаць адказ неправамерным, які парушае мае канстытуцыйныя правы. Таксама я ўгледжваю, што гэтым ён парушае Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, таму і патрабую прыцягнуць яго да адказнасці".