У Брэсце пісьменнікі прапануюць паставіць помнікі Купалу і Коласу

Чальцы Саюза беларускіх пісьменнікаў падалі зварот Канстанціну Сумару, у якім нагадваюць пра недабраўпарадкаванасць вуліц імя Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У звароце гаворыцца, што адсутнасць помнікаў славутым пісьменнікам-беларусам выклікае непаразуменне ў турыстаў і гасцей. Аўтары адзначаюць, што "за выгляд вуліцы імя Якуба Коласа нават сорамна яе жыхарам".

Пра зварот паведаміла газета "Брестский курьер".

Нагадаем, ў Брэсце ёсць помнікі Гогалю, Пушкіну, Шаўчэнку.

"Зварот пісьменнікаў да старшыні Брэсцкага аблвыканкама К.А.Сумара.

Шаноўны Канстанцін Андрэевіч!   Мы, пісьменнікі Брэстчыны, звяртаемся да Вас з вельмі важнай нагоды. 

У 2012 годзе будуць адзначацца знакавыя юбілеі – 130-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа – класікаў беларускай літаратуры, народных пісьменнікаў Беларусі. Па ўсёй краіне пачынаецца падрыхтоўка да гэтых юбілеяў. Пэўныя крокі робяцца ў гэтым накірунку і ў нашай вобласці.


 На нашу думку, каб гэтая справа праходзіла больш дзейсна і мэтанакіравана, варта ўтварыць спецыяльную камісію, якая б распрацавала і дапамагала ажыццявіць належныя мерапрыемствы дзеля ўшанавання памяці слынных творцаў і прапаганды беларускай літаратуры і мовы.


 У Брэсце прадугледжваецца правесці ўпарадкаванне вуліцы Янкі Купалы. Мэтазгодна таксама прадугледзець і паставіць помнікі паэтам-класікам, бо ў абласным цэнтры, на жаль, няма ніводнага помніка славутым пісьменнікам-беларусам, што выклікае непаразуменне турыстаў і гасцей горада над Бугам, а за выгляд вуліцы імя Я.Коласа нават сорамна яе жыхарам.


 З глыбокай павагай пісьменнікі-берасцейцы:

 Аляксандраў М.А.

  Арабейка І.С.

  Валасюк Л.Ф.

  Каско А.К.

  Крэйдзіч А.І.

  Мельнічук І.М.

  Пракаповіч М.М.

  Філатаў Л.Г.

  і іншыя"