Брэсцкая міліцыя звярнулася да журналісткі па дапамогу ў пошуках пікетоўцаў
У фотакарэспандэнта БелаПАН Міланы Харытонавай праваахоўнікі пацікавіліся, ці не ведае яна ўдзельнікаў акцыі салідарнарнасці з палітвязнямі.
Нагадаем, што 26 кастрычніка моладзь, распавядаючы мінакам пра вязняў сумлення, выйшла на пешаходную вуліцу Савецкую ў 19.00 з партрэтамі зняволеных.
Выконваючы службовыя абавязкі, на акцыі разам з іншымі журналістамі прысутнічала і Мілана Харытонава. Капітан міліцыі Сяргей Ляўчук запрасіў яе ў Ленінскі РАУС, каб "удакладніць некаторыя падрабязнасці таго вечару".
Як паведаміла Еўрарадыё Мілана Харытонава, размова
распачалася як звычайная міліцэйская
праверка. Спачатку былі агучаныя тыповыя пытанні пра месца, дакладны час і іншае, але неўзабаве міліцыянт звярнуў
увагу менавіта на асобаў пікетоўцаў.
Ён настойваў на тым, што
Харытонава дакладна мусіць ведаць
удзельнікаў акцыі, бо па роду сваёй дзейнасці ёй прыходзілася шмат адведваць падобныя мерапрыемствы. Са словаў карэспандэнта БелаПАН, міліцыянт не пачуў
жаданага, але працягваў настойваць на
сваім, маўляў: "ну вы ж усё роўна іх усіх ведаеце".
Гутарка скончылася нечаканай прапановай ад супрацоўніка міліцыі. Харытонаву папрасілі пры наступнай
сустрэчы з моладзевымі актывістамі перадаць
ягоны нумар мабільнага, каб тыя самі звязаліся з правоахоўнымі органамі.