Брэсцкі актывіст “Справядлівага свету” скардзіцца ў пракуратуру

Як паведамляе spring96.org, cкарга, пададзеная ў пракуратуру Маскоўскага раёна Брэста, тычыцца дзеянняў супрацоўніка праваахоўных органаў. Ён затрымаў актывіста і склаў на яго пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні напярэдадні Народнага сходу, што адбыўся ў Брэсце 8 кастрычніка. Лявонцій Чыпурных сам з’яўляецца ветэранам памежных войскаў і лічыць дзеянні ўчастковага інспектара незаконнымі. Таксама ў скарзе ён згадвае суддзю, якая вынесла па гэтай справе пастанову і спаслалася на закон, які не мае дачынення да згаданага выпадку.

Іншая скарга накіраваная ў пракуратуру Ленінскага раёна Брэста. Яна звязана з умовамі перабывання ў ізалятары часовага ўтрымання. Там Чыпурных адбываў 5 сутак адміністратыўнага арышту за распаўсюд інфармацыі пра Народны сход. Паводле слоў партыйнага актывіста, падчас адбыцця пакарання таксама былі парушаныя яго правы.