Брэсцкі байк-фестываль сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў (фота)
Гэта стала відавочным пад час мота-параду 26 траўня.
На гэты традыцыйны фестываль, па неафіцыйных дадзеных, зарэгістраваліся каля 3 тысяч байкераў. Ладзіць фестываль мотаклуб Golden Wing.
Калона жалезных коней расцягнулася па трасе М1 на 7 кіламетраў і потым перакрыла ўвесь горад. Байкеры ўпрыгожыліся самай разнастайнай сімволікай. Шмат было савецкай, але сустракалася і Пагоня. Каля Брэсцкай крэпасці прайшлі спаборніцтвы, потым частка байкераў скіравалася ў Белавежскую пушчу, частка паехала на картынгавы стадыён. У межах фестывалю праходзіў таксама канцэрт вядомых беларускіх гуртоў: Спрат, Жнюв, The Toobes, The Stоkes.
Праезд байкераў на некалькі гадзін ускладніў рух у горадзе. За два дні (25 і 26 траўня) матацыклісты сталі ўдзельнікамі як мінімум двух ДТЗ. У адным з іх пешаход атрымаў пералом шыйнага аддзела пазваночніка.







