Брэсцкі канцэрт Litesound сабраў не больш за 150 чалавек (фота)

Скандальная рэпутацыя бойз-бэнда не абмінула і пляцоўку гораду над Бугам. Канцэрт ў зале грамадска-культурнага цэнтру распачаўся з паўгадзінным спазненнем. Падлічваючы адзін адно ў фае перад пачаткам мерапрыемства, прысутныя  небеспадстаўна задаваліся пытаннем: ці будзе канцэрт увогуле?

Дарэчы, Брэст стаўся адзіным горадам з заяўленага міні-тура, куды музыканты даехалі. Канцэрты ў Салігорску і Кобрыне адмяніліся нібыта "у сувязі са здымкамі новага кліпа". Афіцыйная прычына выклікала сумневы ў шэрагу мясцовых СМІ:  больш верагодна гучаў усё той жа кепскі продажах квіткоў.

Тым не менш, ні "кліп", ні квіткі не сталі перашкодай для брэстаўчан убачыць "лайтаў" жыўцом. Музыканты выбачаліся за тэхнічныя прычыны — і распачалі канцэрт. Мэтавай аўдыторыяй бойз-бэнда, як гэтага і патрабуе жанр, аказаліся дзяўчынкі-падлеткі. Іх у зале было хіба што не 90 адсоткаў ад усіх гледачоў.

Калі не колькасцю, то сваімі шчырымі эмоцыямі фанаткі запоўнілі пустуючыя месцы. Ужо ад першай песні некаторыя з іх падпявялі стоячы. Хіт жа “We Are The Heroes”, якім Litesound прадставяць краіну на Еўрабачанні, вызваў сапраўдную феерыю. Амаль кожны здымаў яе выкананне на свае мабільнікі і “мыльніцы”.