Брэсцкія пікетоўшчыкі прагаласавалі за роспуск савета дэпутатаў (фота)

Нагадаем, што 22 чэрвеня жыхары дамоў 77 і 79 абвесцілі бестэрміновае пікетавенне будоўлі-"самазахопу". На тэрыторыі, якая належыць гэтым дамам, тыдзень таму з'явіўся будаўнічы плот без апазнавальных знакаў. Ужо ад будаўнікоў, якія паспелі часткова завезці будаўнічыя матэрыялы і выкапаць дрэўцы, стала вядома пра новую двухпавярховую аптэку. Мясцовых жыхароў на дазвол аніхто не запытаўся хоць гэтага і патрабуе заканадаўства.

Увечары 27 чэрвеня ля будоўлі адбыўся сход жыхароў бліжэйшых дамоў. Яны сабралі подпісы супраць будоўлі на спрэчнай тэрыторыі, а таксама праведзена галасаванне за роспуск савету дэпутатаў.

"Сюды запрашаўся дэпутат нашай выбарчай акругі - ён не прыйшоў. У савеце дэпутатаў ведалі пра нашу скаргу, але ніхто таксама не з'явіўся, - распавядае старшыня сходу Хведар Петрусевіч. -  У кампетэнцыю савета дэпутатаў уваходзіць адмяняць любое незаконнае рашэнне гарвыканкаму, якое яны не выканалі. Таму мы прагаласавалі за роспуск савету дэпутатаў. Я атрымаў ліст з савету рэспублікі аб тым, што "вы маеце права, калі вам гэтая ўлада не падабаецца, абраць сабе
новую".

За спыненне будаўнічых прац падпісалася звыш 300 чалавек. Подпісы і пратакол сходу будуць накіраваны ў гарадскі  і абласны выканаўчыя камітэты.