Брэсцкую актывістку Людмілу Дзенісенка апыталі ў КДБ ў сувязі з тэрактам

Старшыню брэсцкай арганізацыі Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Людмілу Дзенісенка 12 красавіка апыталі ў КДБ ў сувязі з тэрактам у Мінску.

Як паведаміла БелаПАН Дзенісенка, апытанне цягнулася 40 хвілін. "У мяне пыталіся, дзе я была 11 красавіка. Па гадзінах я апісала сваё жыццё ў гэты дзень і назвала людзей, якія могуць пацвердзіць тое, пра што я казала. Супрацоўніка дзяржбяспекі цікавіла маё стаўленне да тэракта, а таксама да сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне", — сказала актывістка.

"У мяне склалася ўражанне, што органы ў расследаванні выбуху шукаюць вінаватых усюды і ідуць па пракладзеным шляху, пачынаючы з выклікаў актывістаў апазіцыі", - заявіла прадстаўнік партыі "Справядлівы свет".