БТ узялося за амерыканскую амбасаду
Адпаведны тэлесюжэт быў паказаны ўвечары ў нядзелю, 19 лютага, на тэлеканале "Беларусь-1".
Нагадаем, два ранейшыя сюжэты прысвячаліся Беларускай асацыяцыі журналістаў і польскай амбасадзе.
19 лютага беларускія тэлевізійшчыкі спярша расказалі, што летась у Нарвегіі амерыканцы сачылі за грамадзянамі гэтай скандынаўскай краіны, якіх лічылі падазронымі. Найперш пад іх увагу трапілі мусульмане.
Пасля гэтага тэлевізійшчыкі распавялі пра дзейнасць амбасады ЗША ў Мінску. Шмат у чым гэта быў паўтор ролікаў, паказаных на тэлебачанні падчас беларуска-амерыканскага дыпламатычнага канфлікту 2008 года, адзначае nn.by. Тады Беларусь была вымушана пакінуць пасол Карэн Сцюарт.
Акрамя таго, тэлевізійшчыкі паказалі нейкую кватэру ў доме на вуліцы Старажоўскай, 8, каля пасольства. Па іх словах, гэта канспіратыўная кватэра, на якой праходзяць таямнічыя сустрэчы ахоўнікаў амбасады. БТ распавядае, быццам амерыканская амбасада стварыла нават узброеныя патрулі. яе ахоўнікі займаюцца сачэннем і зборам інфармацыі. Сярод беларусаў яе куратарамі назвалі Наталлю Максімовіч і Алега Васілевіча. Праўда, прамых абвінавачванняў у шпіянажы не прагучала.