Будаўнікі ледзь не знішчылі найбольшую калонію чаек на Брэстчыне (фота)

Эколагі дамагліся таго, каб засыпка вадаёму ў мікрараёне Калёва была на месяц спыненая. За гэты час птушаняты паспеюць падрасці і зляцець. Пра гэта Еўрарадыё распавёў Андрэй Абрамчук, абласны кіраўнік грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны".

Абрамчук: "Паводле грубай ацэнкі, працэнтаў 80-90 птушак паспешна гнездавалася, вывелі нашчадкаў і зляцелі. Выключна дзякуючы таму, што працы былі спынены пасля ўзгаднення з кіраўніцтвам кірмашу. Тое, што адбываецца зараз, непасрэдна на калонію не ўплывае, але можа ўплываць на будучыню вадаёму. У далейшай перспектыве яго лёс будзе залежаць ад зусім іншай  будоўлі: паводле генплану, месца будзе перададзенае пад медустанову. Вось тады ўжо вадаём і знікне. Адпаведна, калонія таксама. Пакуль гэта спыняе толькі тое, што, хутчэй за ўсё, на будаўніцтва няма грошай".

Па словах экаактывіста, памер брэсцкай калоніі — 500-700 гнёздаў. Разам з птушанятамі тут гняздуе ад 2 да 3 тысяч птушак. Брэсцкае гнездавішча азёрнай чайкі фармавалася каля 10 гадоў.