"Бяздомным" студэнтам дадуць 12 долараў на арэнду кватэры
Савет Міністраў прыняў пастанову пра кампенсацыю выдаткаў па найме жытла для іншагародніх навучэнцаў і студэнтаў.
Дапамогу будуць выдаваць іншагароднім студэнтам і навучэнцам, якія вучацца на дзённай форме за кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. Як паведамляе БЕЛТА, у Мінску штомесячная кампенсацыя складзе 105 тысяч рублёў (3 базавыя велічыні). На сёння гэта крыху больш за 12 долараў. У іншых гарадах кампенсацыя будзе яшчэ меншай — менш за 9 долараў (70 тысяч рублёў, або 2 базавыя велічыні).
Нагадаем, што арэнда кватэры ў Мінску каштуе ад 160 долараў. То бок, аднапакаёўку давядзецца здымаць на 15 чалавек.
Што праўда, нават гэтую мізэрную дапамогу дадуць не ўсім. Права на кампенсацыю дадуць толькі тым іншагароднім студэнтам, у якіх сярэднедушавы прыбытак сям'і не перавышае 200% найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага ўрадам Беларусі за два апошнія кварталы.