Былога чыноўніка Слонімскага райвыканкаму высяляюць з дому разам з сям’ёй
У суд Слонімскага раёна звярнулася раённае ўнітарнае сельгаспрадпрыемства “Пераможац”.
Як піша "Газета Слонімская", калгас хоча выселіць са службовага жылога памяшкання сям’ю былога першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка сельгасупраўлення Дзмітрыя Дзешкі. Пад высяленне падпадаюць сам гаспадар, яго жонка і двое няпоўналетніх дзяцей. Папярэднія слуханні адбыліся 7 верасня.
Сям'я Дзешкаў займае службовы двухпавярховік у вёсцы Тушэвічы. Яны пераехалі туды ў 2008 годзе, калі галаву сям’і прызначылі кіраваць сельскай гаспадаркай раёна. 5 красавіка 2010 года Дзмітрыя Дзешку перавялі на працу ў суседні раён. Але сям’я працягвае жыць у Тушэвічах.
5 траўня мінулага года Дзешкі атрымалі паведамленне аб вызваленні жытла. Але іншага жытла сям'я, дзе ёсць двое дзяцей-школьнікаў, не мае. Дзмітры Дзешка працуе ў калгасе "Сынковічы", там яму будуецца жытло. Але дом будзе здадзены толькі ў красавіку ці ў траўні 2012 года. Дзешкі просяць даць ім магчымасць пажыць у доме яшчэ крыху. Але калгас "Пераможац" кажа, што да іх прыехаў новы спецыяліст з сям'ёй, якому тэрмінова патрэбнае жытло.
Разгляд справы суддзя прызначыла на 15 верасня.