Былога камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі асудзілі на 9 гадоў калоніі
Ігара Азаронка, затрыманага на наступны дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў, прызналі вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры.
Ігар Азаронак асуджаны на дзевяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Такое рашэнне па справе былога камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і Войскамі супрацьпаветранай абароны прыняла 12 снежня вайсковая калегія Вярхоўнага суда, паведамляе БелаПАН.
Азаронка прызналі вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Паводле прысуду, камандуючы ВПС, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, прымаў матэрыяльныя каштоўнасці за вырашэнне пэўных пытанняў. У дадатак да зняволення, Азаронка пазбавілі звання генерал-маёра.
Другі фігурант справы — грамадзянін Расіі Андрэй Машкаўцан. Яго прызналі вінаватым у саўдзеле ў злачынстве і падбухторванне ў атрыманні хабару. Машкаўцан асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Нагадаем, што высокапастаўленага вайскоўца затрымалі 20 снежня 2010 года. Яго працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Фота: bobruisk.ru