Былы палкоўнік-“асабіст” з Брэста падрыхтаваў кнігу пра Чарнобыль

Палкоўнік у адстаўцы Аляксей Крывашэін распавёў:

“Сур’ёзны раздзел “Ваенныя контрразведчыкі” – тлумачу, чым мы там займаліся. “Радыяцыя і здароўе” – там пішу, што не ўсё так добра ў нас. І апошні – “Ад забыцця да ліквідацыі” – гэта пачынаючы з 1995 года”.

Палкоўнік Крывашэін лічыць, што ў Беларусі ліквідавалі не наступствы аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, а ўдзельнікаў іх ліквідацыі. У 1995 годзе “ліквідатараў” пазбавілі ільготаў, у 2009 годзе выйшаў Указ № 407, які прадпісаў у 2012 годзе пазбавіць “ліквідатараў” іхняга статуса. Цяпер пасведчанні ўдзельніка ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС мяняюць на пасведчанні пацярпелага ад аварыі. Гэта пры тым, што існавала і існуе забарона для медыцынскіх камісій звязваць захворванні з аварыяй на ЧАЭС, падкрэслівае палкоўнік.

У зоне катастрофы начальнік Асобага аддзела Крывашэін меў непасрэдны доступ да ўсіх дакументаў, быў на ўсіх пасяджэннях Урадавай камісіі. У кнізе ён абяцае абнародаваць дагэтуль невядомае, у тым ліку ўпершыню апублікаваць Пратаколы пасяджэння Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі КПСС па Чарнобылю. Сваю кнігу Аляксей Крывашэін хоча выдаць у Беларусі і толькі ў скрайнім выпадку за мяжой.