Былы прэм’ер-міністр Лінг лічыць, што хутка магчымая адстаўка ўрада
Паводле яго словаў, гэта адзіная магчымасць крыху супакоіць народ.
У Мінску адбылося чарговае паседжанне Рэспубліканскага савета дзелавых колаў. На ім, як паведамляе сайт naviny.by, былы прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Лінг раскрытыкаваў дзеянні Нацыянальнага банка і ўрада. Паводле яго словаў, людзі, адказныя за эканамічны крызіс, проста вырашылі супакоіць насельніцтва пустымі абяцанкамі.
Кошты ў краіне не знізіліся, як планавалася пастановай №662, і напружанасць у грамадстве расце з кожным днём, заявіў Лінг. Адзіным выхадам ён бачыць пошук вінаватых і прыцягненне іх да адказнасці. На думку экс-прэм'ера, магчыма, што кіраўнік краіны пойдзе на гэты крок, і ахвярай крызісу стануць кіраўніцтва Нацбанка і ўрад Беларусі.