Cёння будуць судзіць былога палітвязня Васіля Парфянкова
Яму пагражае паўгода арышту, паўтара года зняволення ці ўмоўны тэрмін.
Пра тое, што на Парфянкова распачалі крымінальную справу, стала вядома ў красавіку. Яго вінавацяць у парушэнні ўмоваў "прэвентыўнага нагляду".
Нагадаем, што Васіль Парфянкоў быў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі па "справе 19 снежня". Разам з групай іншых палітвязняў яго вызвалілі ў жніўні 2011 года. Пад "прэвентыўны нагляд" ён трапіў у пачатку 2012-га, пасля таго, як быў арыштаны на суткі за ўдзел у акцыі салідарнасці.
"Прэвентыўны нагляд" прадугледжвае пэўныя абмежаванні. Па-першае, Парфянкоў абавязаны чатыры разы на месяц з’яўляцца ў орган унутраных спраў па месцы жыхарства для рэгістрацыі. Па-другое, яму забаронена пакідаць сваю кватэру з 20.00 да 6.00, за выключэннем часу знаходжання па месцы сталай працы. Па-трэцяе, забаронена выязджаць за межы горада па асабістых справах без узгаднення з органамі ўнутраных спраў.
Васіль Парфянкоў прызнае, што ў яго былі тры парушэнні ўмоваў нагляду.
Разгляд крымінальнай справы пачнецца ў аўторак, 29 траўня, у судзе Першамайскага раёна сталіцы, пачатак а 10-й гадзіне.
На здымку: Васіль Парфянкоў пасля вызвалення ў жніўні 2011-га. Фота — bymedia.net