Чаргу на жыллё ў Мінску скароцяць праз "скарачэнні" чаргавікоў?
Мінгарвыканкам прапануе знізіць у сталіцы крытэрый патрэбнасці для пастаноўкі на чаргу з 15 да 10 кв.м на аднаго чалавека.
Таксама прапануецца павялічыць тэрмін пражывання ў Мінску з 5 да 10 гадоў для атрымання права пастаноўкі на чаргу. Пра гэта паведаміў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька сёння падчас "прамой лініі" з мінчукамі, перадае БЕЛТА.
"Пытанне знаходзіцца ў стадыі абмеркавання, каб прыняць аптымальнае рашэнне", — адзначыў Ладуцька.
Мэр сталіцы канстатаваў, што ў Мінску чарга тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, з'яўляцца самай вялікай у Беларусі — каля 280 тыс. чалавек. Таму паўстала неабходнасць прааналізаваць прычыну яе рэзкага росту.
За 10 гадоў у Мінск прыехалі каля 180 тыс. чалавек, у тым ліку 160 тыс. чалавек з рэгіёнаў краіны і 20 тыс. замежнікаў. "Натуральна, абсалютная большасць гэтых людзей стала на чаргу", — сказаў Ладуцька.
Нагадаем, некалькі дзён таму Аляксандр Лукашэнка ў гутарцы з журналістамі назваў 15-метровую норму "патрэбнасці" галоўнай прычынай такой вялікай колькасці чаргавікоў у Мінску.