Чэмпіён Еўропы па армрэстлінгу збірае грошы на першынство свету

Чэмпіён пакуль не ведае, ці паедзе ён у Казахстан, дзе сёлета пройдзе першынство свету.

Братчэня: "З 26 лістапада па 4 снежня адбудзецца чэмпіянат. Як звычайна, грошай няма, таму не ведаю. Пралічыў — пакуль грошай нуль рублёў нуль капеек, таму складана сказаць. Пяцьдзясят на пяцьдзясят. Дадуць спонсары грошай – паеду, не дадуць…"

Раней спартоўцу дапамагалі брэсцкія прыватныя і дзяржаўныя прадпрыемствы. Але чыноўнікі мала рупяцца пра ўладальніка 32 залатых і срэбраных медалёў ды Кубка свету, бо армрэстлінг не алімпійскі від спорту.

Нагадаем, што летась чэмпіён з вёскі Матыкалы пад Брэстам прывёз два залатыя медалі з чэмпіянату Еўропы ў Маскве. Дарэчы, Братчэню прапаноўвалі з’ехаць з Беларусі, але ён не пагадзіўся. Нядаўна нават яшчэ больш “укараніўся” тут — стварыў сям’ю.