Чэмпіёны свету па футболе згуляюць у Мінску 12 кастрычніка 2012 года
Сёння ў Парыжы быў складзены каляндар матчаў адборачнага раўнда чэмпіянату свету 2014 года па футболе.
Нагадаем, у адной групе з беларусамі апынуліся іспанцы, французы, фіны і грузіны.
Паводле календара, зборная Беларусі стартуе 7 верасня 2012 года гасцявым матчам з камандай Грузіі. 11 верасня беларусы сустрэнуцца ў Парыжы з Францыяй, а 12 кастрычніка будуць прымаць на сваім полі чэмпіёнаў свету і Еўропы зборную Іспаніі. 16 кастрычніка Беларусь гуляе дома з Грузіяй.
У 2013 годзе беларусы згуляюць 7 чэрвеня ў гасцях, а 11 чэрвеня дома — з Фінляндыяй. 10 верасня наша зборная прымае на сваім полі Францыю, а 11 кастрычніка гуляе ў гасцях з Іспаніяй.
Адзначым, што беларуская федэрацыя футбола планавала дамагчыся, каб абодва хатнія матчы з Іспаніяй і Францыяй зборнай Беларусі дазволілі згуляць восенню 2012 года. У гэтым выпадку адразу пасля іх можна было б пачаць запланаваную рэканструкцыю стадыёна "Дынама". Аднак, як бачым, прадстаўнікі іншых зборных насустрач беларусам не пайшлі.