Дадатковых аўтобусаў МАЗ на мінскія вуліцы не адпраўляў
Неабходнасці ў тым, каб 12 красавіка для кампенсацыі непрацуючай лініі мінскага метро прыцягнуць новыя аўтобусы, не ўзнікла.
Падчас нарады ўвечары 11 красавіка Аляксандр Лукашэнка прапанаваў мэру Мінска Мікалаю Ладуцьку прыцягнуць да працы на сталічных гарадскіх маршрутах новыя аўтобусы, якія захоўваюцца на МАЗе.
Але ў прыёмнай дырэктара аўтобуснай вытворчасці прадпрыемства Рыгора Капача Еўрарадыё паведамілі, што пакуль муніцыпалітэт вырашае транспартную праблему сваімі сіламі.
“Аўтазавод аўтобусы гораду пакуль не выдзяляў. Пакуль горад спраўляецца сваімі сіламі. Калі будуць заяўкі – мы дапаможам. Магчыма, аўтобусы былі ўзятыя з іншых мартшрутаў”.
Нагадаем, праз выбух на станцыі метро “Кастрычніцкая” 11 красавіка была паралізаваная Маскоўская лінія Мінскага метрапалітэна, што праходзіць пад праспектам Незалежнасці – цэнтральнай транспартнай артэрыяй беларускай сталіцы. Раніцай 12 красавіка людзі вымушаныя былі дабірацца на працу наземным транспартам – на дадатковых аўтобусах, якія забяспечыў Мінгарвыканкам.
Таксама відавочцы сведчаць, што раніцай 12 красавіка бясплатна працавалі некаторыя маршрутныя таксоўкі, якія ходзяць па праспекце Незалежнасці.
Фота: maz.by