Дарожная паліцыя Масквы не змагла апазнаць "мерсэдэс" Пуціна
Прынамсі, такі афіцыйны адказ атрымаў адзін з прадстаўнікоў руху "сініх вядзерцаў".
Нагодай стала тое, што на інаўгурацыю 7 траўня Уладзімір Пуцін прыбыў на аўтамабілі, на якім не было пярэдняга нумарнога знаку (задні нумарны знак — Т125НУ199). Прадстаўнік суполкі "сініх вядзерцаў" denvos звярнуўся з гэтай нагоды ў дарожную інспекцыю. Па яго словах, тут ёсць парушэнне Адміністрацыйнага кодэксу, які рэгулюе ўсталяванне нумарных знакаў.
У адказ дарожная паліцыя Масквы напісала, што па выявах, змешчаных у звароце, не можа ідэнтыфікаваць аўтамабілі, у тым ліку вызначыць іх уласніка. Адказ падпісаў намначальніка маскоўскай дарожнай паліцыі Міхаіл Марцюшаў, перадае Lenta.ru.
Дарэчы, на інаўгурацыю ў 2004 годзе Пуцін таксама прыехаў без пярэдняга нумарнога знака. На інаўгурацыі 2008 года пярэдні нумар таксама адсутнічаў на аўтамабілі Дзмітрыя Мядзведзева.
Фота — nnm.ru