Дэмакраты Магілёва заклікаюць не ісці на выбары, але вылучаюць кандыдатаў

Такую заяву 28 чэрвеня прыняла Каардынацыйная Рада Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл.

Як кажа кіраўнік кааліцыі Юрый Новікаў, такое рашэнне прынятае ў сувязі з тым, што ў краіне дагэтуль існуюць палітвязні і актывісты зазнаюць рэпрэсіі за свае перакананні. Выбарчы Кодэкс застаецца нязменным, і ў ім захоўваюцца перадумовы для фальсіфікацый, заяўляе Новікаў. Акрамя таго, незалежныя СМІ зазнаюць перманентны пераслед.

Дарэчы, некалькі дзён таму было вырашана, што магілёўскія дэмакраты выставяць 19 кандыдатаў на выбары. Па словах Новікава, усе патэнцыйныя кандыдаты здымуць свае кандыдатуры за пяць дзён да дня галасавання. Праз удзел у выбарах яны хочуць скарыстаць дзяржаўныя рэсурсы для піяру дэмакратычных каштоўнасцяў.

Першапачаткова дэмакраты выступалі за байкот выбараў, аднак адмовіліся ад гэтай ідэі праз адсутнасць грошай на такую кампанію.

Фота — jcpaa200.com