Д.Крэмер: Атакі на апазіцыю пазбавяць Захад ілюзіяў, што Лукашэнка змяніўся
Кіраўнік арганізацыі “Freedom House” Дэвід Крэмер, які раней быў намеснікам дзяржсакратара ЗША, даў інтэрв’ю рускай службе “Голасу Амерыкі”
Ён разважаў пра беларускую сітуацыю. Спадар Крэмер заявіў, што не быў шакаваны і нават здзіўлены тым, што рэжым Лукашэнкі вырашыў выкарыстаць гвалт супраць свайго ж народу, бо гэта неаднаразова адбывалася ў мінулым. Людзі зусім забыліся на тое, што адбылося ў 2006 годзе, у 2000 ці ў 1999, калі некалькі чалавек бясследна знікла. Лукашэнка пойдзе на ўсё, каб застацца пры ўладзе, цвердзіць спадар Крэмер.
Дэвід Крэмер спадзяецца, што гэтыя атакі на апазіцыю і на журналістаў, прынамсі, дазволяць некаторым еўрапейскім і амерыканскім палітыкам пазбавіцца марных ілюзіяў, што Лукашэнка змяніўся. Лібералізацыя, якая прайшла перад самімі выбарамі, была ўсяго толькі банальным фасадам. Падзеі 19 снежня з жорсткім падаўленнем мітынгу — вось гэта сапраўдны Лукашэнка, лічыць кіраўнік “Freedom House”.
Што да спосабаў уздзеяння на беларускага лідэра, каб ён вызваліў прадстаўнікоў апазіцыі, якія трапілі ў турму пасля акцыі, дык Дэвід Крымер лічыць тут найбольш эфектыўнымі “кропкавыя санкцыі”. Праўда, на гэта таксама спатрэбіцца час. У 2006 і ў 2008 годзе яны далі вынік. Напрыклад, пасля санкцыяў супраць “Белнафтахіму” беларускія ўлады адразу пагадзіліся на перамовы з Амерыкай. Санкцыі — гэта адзіная мова, якую разумее Лукашэнка.
Пры гэтым Захад павінен перастаць турбавацца наконт таго, што Лукашэнка можа занадта наблізіцца да Расіі. Затое варта назіраць за тым, як ён абыходзіцца з беларускім народам.