Дом гомельскага апазіцыянера зносяць, але патрабуюць дабудаваць сцяну

З нечаканай прапановай супрацоўнікаў МНС сустрэўся гомельскі апазіцыянер Кастусь Жукоўскі: яго дом зносяць, але прапануюць перад гэтым дабудаваць супрацьпажарную сцяну, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Скаргі ў мясцовыя інстанцыі не далі плёну, таму актывіст напісаў заяву ў Адміністрацыю прэзідэнта, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.

За дом у цэнтры горада, які трапіў пад знос, Жукоўскаму прапанавалі кампенсацыю ў памеры 120 мільёнаў рублёў. "Смеху вартыя такія грошы. Тут, у цэнтры, кавалак зямлі ледзь не столькі ж каштуе, а не тое, што дом, прычым рэканструяваны, у добрым стане. Праўда, ужо год я не магу яго зарэгістраваць", - удакладняе актывіст.

Служба МНС адказала, што не прымае дом, таму што адсутнічае супрацьпажарны разрыў паміж домам Жукоўскага і суседскай сядзібай, і запатрабавала будаваць супрацьпажарную сцяну.

"Мы не будавалі новы дом, а рамантавалі стары, і сцены там засталіся ў адпаведнасці з генеральным планам, на якім стаяць пячаткі і подпісы начальнікаў. У нас не самабуд, а дом, які мы рэканструявалі – з дазволу ўсіх службаў", - дадае Жукоўскі.