Домрачава атрымала ад Лукашэнкі ордэн і спецпрэмію — 35 мільёнаў
Аляксандр Лукашэнка ўручыў беларускай біятланістцы ордэн Айчыны III ступені.
Таксама беларускай біятланістцы прысуджаная прэмія кіраўніка дзяржавы "Беларускі спартыўны Алімп" 2012 года.
БЕЛТА інфармуе, што Домрачава была адзначаная за дасягненне высокіх спартыўных вынікаў на міжнародных спаборніцтвах ды актыўную дзейнасць па папулярызацыі фізкультуры і спорту.
"Сваімі яркімі перамогамі на сусветных чэмпіянатах Дар'я Домрачава праславіла Беларусь на ўвесь свет", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Пра памер прэміі не паведамляецца. Аднак раней гэта не было таямніцай. Лёгкаатлетка Аксана Мянькова, фрыстайліст Аляксей Грышын, галоўны трэнер нацыянальнай каманды па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч у апошнія гады атрымлівалі па 350 базавых велічынь. Паколькі з 1 красавіка базавая велічыня складае 100 тысяч рублёў, то Дар'я Домрачава магла атрымаць 35 мільёнаў рублёў альбо крыху больш за 4 тысячы долараў.
На здымку: Аляксандр Лукашэнка і Дар'я Домрачава на суботніку ў Мінску, 21 красавіка 2012 года. Фота — belta.by