Домрачава заняла трэцяе месца ў гонцы пераследу на этапе Кубка свету

У адпаведнасці з вынікамі спрынту Дар'я Домрачава сышла на дыстанцыю 11-й і фінішавала з вынікам 36 хвілін 23,3 секунды і пяццю штрафнымі коламі (0+0+3+2). У цяперашнім сезоне біятланістка з Беларусі пяты раз увайшла ў тройку лепшых, паведамляе БелаПАН.

Перамогу ў гонцы атрымала нарвежка Тора Бергер (35.12,1; 0+1+2+1; стартавала другой), на другім месцы францужанка Мары Дорэн (+30,7; 0+0+1+2; стартавала пятай).

Надзея Скардзіно паказала 20-ы вынік (38.23,1; 0+1+1+1; стартавала 44-й), Людміла Колінчык — 26-й (38.54,2; 0+0+2+2; стартавала 47-й), Вольга Назарава — 47-й (41.58,4; 3+0+1+3; стартавала 36-й) сярод 53 удзельніц.

У мужчынскай гонцы пераследу Сяргей Новікаў сышоў на дыстанцыю апошнім, 60-м, і прыйшоў да фінішу 39-м, (40.31,1; 0+1+1+0). У тройцы лепшых — француз Алексіс Беф (36.02,4; 0+1+0+1; стартаваў дзявятым), расіянін Іван Чаразоў (+10,3; 1+1+2+0; стартаваў трэцім) і швед Карл-Юхан Бергман (+14,3; 1+0+0+2; стартаваў пятым).

У агульным заліку Кубка свету ў жанчын Домрачава займае 8-е месца (483 ачка), Надзея Скардзіно — 34-е (139), Людміла Калінчык — 43-е (87), Надзея Пісарава — 84-е, Вольга Назарава — 85-е (па 6). Залік узначальваюць шведка Хелена Экхольм (637), фінка Кайса Мякярайнен (630 ачкоў) і немка Андрэа Хенкель (579).

У мужчын наперадзе нарвежцы Тарьей Бэ (679) і Эміл-Хегле Свендсэн (592), а таксама француз Мартэн Фуркад (567). На 50-м месцы Яўген Абраменка (81), на 87-м — Сяргей Новікаў (10).

Восьмы этап Кубка свету пройдзе ў Форт-Кенте (ЗША) з 10 па 13 лютага.

Фота: www.pressball.by