Дырэктар будаўнічай фірмы на Слонімшчыне скраў 200 мільёнаў рублёў

Як паведамляе БелаПАН, у лістападзе 2010 года мужчына падпісаў дамову на рамонт даху ў інтэрнаце слонімскага каледжа. Ужо ў траўні 2011 года дырэктар будфірмы падаў замоўцу акты выкананых работ. Ён паведаміў, быццам мадэрнізаваў дах, абклаў яго металадахоўкай, абсталяваў слыхавыя вокны і г.д. На рахунак бізнэсмэна з бюджэту было пералічана больш за 300 млн рублёў.

Аднак студэнты пачалі скардзіцца на вільгаць у пакоях, працёкі ў столях, а з наступам зімы на гарышчы апынуўся снег. Выявілася, што заміж металадахоўкі будаўнікі паклалі параізаляцыйную плёнку, якая прамокла і падралася. Акты выкананых работаў былі сфальсіфікаваныя. Па ацэнках службы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, з пералічаных грошай бізнэсовец скраў амаль 210 млн рублёў.

На яго пачалі крымінальную справу. Праваахоўнікі не выключаюць, што дырэктар будаўнічай фірмы мог быць заблытаны і ў іншых супрацьпраўных дзеяннях.