Дырэктара лікёра-гарэлачнага заводу "Крышталь" зацвердзіць Лукашэнка
На пасаду дырэктара мінскага заводу "Крышталь" прэтэндуе некалькі кандыдатур.
Пра гэта, паводле інфармацыі БелаПАН, паведаміў 29 ліпеня старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Іван Данчанка. Ён адзначыў, што новы чалавек на пасаду дырэктара ўзгадняецца з кіраўніком краіны.
Нагадаем, на пачатку ліпеня з пасады гендырэктара "Крышталя" быў звольнены Леанід Кучаравы. Ён узначальваў завод з лістапада 2002 года. Прычыны звальнення не называліся. Але паводле неафіцыйнай інфармацыі, яно звязанае са стратамі, якія прадпрыемства панесла ад ліцэнзійнай вытворчасці ўкраінскай гарэлкі Nemiroff.